МАЙКО́ПСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 2-й пал. 3-га тыс. да н.э., пашыраная ў перадгор’ях Паўн. Каўказа. Назва ад Майкопскага кургана, даследаванага ў 1897 М.І.Весялоўскім. М.к. прадстаўлена шматлікімі курганамі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам, на ганчарным крузе вырабляла кераміку (пераважна чырвоную, глянцаваную, зрэдку арнаментаваную), жыло на ўмацаваных паселішчах. На познім этапе з’явіліся каменныя грабніцы, у т.л. дальмены. Сустракаюцца прылады працы і зброя з каменю (сякеры, укладышы для нажоў і сярпоў, наканечнікі стрэл) і медзі (сякеры, матыкі, долаты, нажы, кінжалы, наканечнікі коп’яў). Распаўсюджаны ўпрыгожанні з Усходу. Існавала маёмасная дыферэнцыяцыя.
т. 9, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)